Вася Казловіч

Пачну зноў ад мясцовай тапанімікі. Народная назва-арыенцір, якая зраслася з прыродай, не дазволіць мне збіцца з жыццёвага накірунку, не завядзе ў абстрактны свет маю прытчу.

НІЭМКУОВ ЛУГ – так палешукі-гарчакі назвалі невялічкі лужок на ўскраіне Горска. Да лугу тулілася сядзіба глуханямога Васіля Казловіча, якога звалі Нямы, або Ніэмко (у палескім вымаўленні націск на “і”).

Вада з луга сыходзіла ў канцы траўня і стаяла пры лузе ў пракапанай канаўцы. Меліярацыя, як бачыце! У чэрвені луг зелянеў, шпарка рос, хваляваўся пад ветрыкам. А тады выходзіў з касою Ніэмко, ладна збіты мужчына, клаў травы ў густыя пакосы.

Па негалоснаму ўгавору ўслед за Нямым пачыналі касіць усе. Лічылася, што Нямы ведае, калі пачынаць. У яго асаблівы нюх, ён бліжэй да нямой зямлі, ён чуе, як яна яму кажа: я – гатовая, чалавеча.

Луг, пра які гаворка, касіў толькі Ніэмко. Нікому гэты луг не належыў, быў нічый, нават калгас туды чамусьці не лез. Вёска па маўклівай згодзе аддала луг Васілю. Калі хто-небудзь парушаў традыцыю і стараўся ўхапіць тут сенца, вёска такога злыдня асуджала: “Пасаромейся, то ж Васілёва”.

Вёска шкадавала Васіля, пакры ўджанага лёсам. Кожны мужчына, сустрэўшы Васіля, абавязкова спыняўся і гаварыў з ім – жэстамі, усмешкай, мімікай. Усе ўмелі з ім размаўляць і разумець ягонае му-му.

Вася гутаркі з аднавяскоўцамі любіў. Ён жыў праз дзве хаты ад нас, у нядзелю прыходзіў на нашу лавачку. Падоўгу сядзеў з маім бацькам. Нямы Васіль ведаў усё: хто чый сын, брат, сват; хто ў каго і ў якой хаце нарадзіўся ці памёр; чые дзеці вучацца або працуюць у Брэсце, Мінску ці Маскве і які горад далей ад Горска (у хаце Васіля вісела агромністая карта свету); дзе на зямлі вайна, а дзе мір; хто такія Хрушчоў, Брэжнеў, Шарамецьеў (старшыня калгаса); намералі ў Горску соткі ці зноў зацягнулі да чэрвеня, нервуючы людзей...

Глухі і нямы, непісьменны, на навучаны грамадскай мудрасці, гэты чалавек не застаўся ў вакууме бязмоўя, набыў сацыяльны вопыт.

Нямы стаў паўнавартасным чалавекам, дзякуючы ўзаемным адносінам з вясковым светам. Вёска па-дзіцячы радавалася, калі Васіль ажаніўся, нарадзіў двух сыноў – Славу і Андрэя (абодва на дзесятак гадоў маладзейшыя за мяне).

Глуханямы чалавек стаў чалавекам грамадскім. Гэта значыць, усведамляў, дзе жыве, прыняў законы і правілы грамады. Усё прыняў, усім падпарадкаваўся, акрамя аднаго, галоўнага для чалавека – сацыялістычнага закона аб працы.

Васіль так і не змог зразумець, навошта ў чалавека забіраюць зямлю, каня, плужок, барану, пуню. Як без гэтага працаваць, рабіць хлеб? – напэўна, думаў ён. – Якое права мае Шарамецьеў адбіраць у мяне тое, што маё? Чаму я павінен араць чужое поле, аддаваць кудысьці хлеб, а маіх хлопцаў пакідаць галоднымі?

Вёска не змагла растлумачыць Васілю, што такое калгас і навошта ён патрэбен. Тут Нямы, чалавек грамадскі, застаўся “ў прыродзе” свайго калецтва. Не зразумеў – і ўсё тут. Не аддаў Шарамецьеву каня і плуг.

Амаль паўстагоддзя Васіль Казловіч был адзіным у нашай акрузе аднаасобнікам, выклікаючы злосць уладаў. Знаходзіў у лесе палянку, разорваў, садзіў бульбу, а калгас – знішчаў. У непрыступных куточках касіў сена карове і каню, а міліцыя забірала тое сена з ягонага хлява. Па капейцы збіраў сынам на вучобу ў інстытутах, а дзяржава душыла падаткамі.

Васіль састарэў вольным і незалежным. Прадаў каня толькі тады, калі не стала сіл трымаць яго. Сыны дапамагаць бацьку па гаспадарцы не мелі магчымасці. Старэйшы Слава жыў у Бярозе, малодшы Андрэй у Гродне, затым перабраўся ў Мінск. Калі каня выводзілі з двара, Васіль рыдаў. А з Васілём плакала вёска. Можа, яна так горка не плакала, калі ў 1949-м аддавала ў калгас сваіх коней. Можа, толькі на прыкладзе Васіля яна зразумела найвялікшую сваю страту – страту свабоды працаўніка на зямлі?

Васіля Казловіча я ўвекавечыў у дакументальным фільме. На момант здымак яму споўнілася 80. Мы пасадзілі старога каля карты свету, уключылі святло, камеру. Васіль з усмешкай назірае за мітуснёй вакол сябе, маўчыць.

Што такое кіно, ён ведае, але маўчыць, тармозіць кінапрацэс. Жонка не вытрымала: “Ну, Вася, кажы што-небудзь! Людзі ж чакаюць”. Ён зразумеў яе.

Развёў рукамі. Паказаў у акно, у далеч за акном, сказаў губамі: “Тпрру!” Што азначала: няма каня, нама слоў, няма радасці. Усмешка знікла з яго твару.

Нямы ўвайшоў у гісторыю сумным.

Але радасць у яго ёсць – сыны. Я бачыў, як стары Васіль свеціцца думкамі і словамі, калі хлопцы прыязджаюць. Васіль ведае, кім яны сталі. Славік – прадпрымальнік, мае грузавік, легкавік, жыве ў дастатку. Андрэй ? О, гэты – пан, пры гальштуку, – кажа мне дзед Васіль і тлумачыць, што сын доўга-доўга вучыўся, спачатку ў інстытуце, потым у аспірантуры, а зараз вучыць іншых.

Добра, што глуханямы Васіль не ведае, якая навука авалодала малодшым сынам. Добра, што немагчыма растлумачыць нямому і глухому чалавеку сутнасць той антычалавечай навукі гэтак жа, як немагчыма растлумачыць алагічную сутнасць калгаса. Шчасце дзеда Васіля ў тым, што ён ніколі не даведаецца: яго сын Андрэй, як і Шарамецьеў, – камуніст.

Андрэй – “абноўлены” камуніст. Тыя камуністы, што будавалі ў СССР камунізм, аказаліся здраднікамі ленінскай ідэі. Існыя камуністы – толькі яны, сённяшнія. Мэты іх самыя гуманныя, народныя – справядлівасць, роўнасць, сацыялізм.

Пытаюся ў земляка: ці аддасць твая партыя зямлю чалавеку ў прыватн ую ўласнасць? Не! Зямлю могуць захапіць акулы капіталізму. Зямля – усенародная. Калектыўная праца на зямлі – перадумова росквіту эканомікі. У аднаасобных руках зямля хібее. Трэба чытаць Маркса. Камуністы больш не зробяць памылак. Мы ведаем, як зрабіць чалавека шчаслівым.

Андрэй, успомні, чый ты сын! Трэба слухаць бацькава “му-му”, а не марксава “ме-ме”. Па БТ, куды цябе часта выпускае афіцыйны агітпроп, раскажы беларусам пра глуханямога мудраца, не ачмурай людзей ружовымі сацыялагічнымі казкамі прэзідэнцкага інстытута.

Не чуе мяне зямляк, сацыёлаг, кандыдат навук. У газеце камуністычных артадоксаў “Белорусская нива” напісаў, што ў маёй галаве толькі “шелуха и каша”. З нянавісцю выпальвае, каб я адчапіўся ад ягонага бацькі, кінуў зарабляць на ім грошы.

Але я застаюся журналістам, пытаюся зноў: хлопец, што падказвае табе крывавы вопыт сямідзесяцігадовай вайны камуністаў з з нашымі аднавяскоўцамі, з нашым народам?

Камуніст мяне не чуе. Быццам глухі. Мармыча пра Маркса, як нямы. Не бачыць гулагаў і курапатаў. Як сляпы. Малады, здаровы, нармальны, а не разумее таго, што зразумеў і лёсам сваім спраўдзіў глуханямы непісьменны бацька.

Дапамажыце мне, хто можа, зразумець камуніста. Скажыце, дзе схаваныя прычыны фенаменальнай глухаты і слепаты камуністаў, адарваных ад жыцця, ад наро да, ад пры роды? Растлумачце, чаму яны больш за ўсіх ведаюць пра шчасце чалавека і нават зайца? Пра зайца я падумаў, бо нечакана ўспомніў, як Хведар Шаляпін у мемуарах здзіўляўся маніякальнасці камуністаў, якія “знают, как научить зайца зажигать спички; знают, что нужно этому зайцу для его счастья; знают, что через двести лет будет нужно потомкам этого зайца для их счастья”.

Зразумець камуніста немагчыма. “Калгас”, як навучыў нас Ніэмко, паняцце невытлумачальнае. “Камуніст” – таксама.

1994-2005

Автор: Анатолий Козлович

Источник: kamunikat.org