Дом малітвы

У хаце глуханямога аднаасобніка Васіля Казловіча многа гадоў збіраліся баптысты Горска і навакольных вёсак. Сімвалічна, што хата адзінага няскоранага камуністамі селяніна была рэзідэнцыяй рэлігійных пратэстантаў і засталася ў мясцовай тапаніміцы пад назвай: МОЛІТВЭННЫ ДОМ.

Горская суполка Евангельскіх хрысціян-баптыстаў існуе з пачатку дваццатага стагоддзя. Мае родныя па маці дзед ды баба, Іван (Хуан) і Ганна Міфодзьевы прынялі хрышчэнне ў 1926 годзе. Вёска назірала за прышлым кацапам, які хвацка граў на гармоніку вяселлі і танцы, добра шыў на машынцы мужчынам і жанчынам. І яшчэ многа піў, п’яным біў жонку, а цвярозы станавіўся на калені, прасіў прабачэння, кляўся ў любві. Каб чалавек не згінуў, а сям’я не развалілася, вёска падказала выратаванне: ідзі, Ганна, са сваім Ванькам у малітвенны дом, там знойдзеце лад і мір.

Хрышчэнне ў дваццатыя гады горскія баптысты прымалі ў рэчцы Вінец.

Апраналіся ва ўсё белае, заходзілі ў ваду, акуналіся з галавой – і выходзілі ў жыццё божымі служкамі.

Пасля хрышчэння дзед Іван, як цяпер кажуць, назусім завязаў з гарэлкай.

Меў сілу волі і мужнасць. Каб не запрашалі граць на вяселлі, гармонік кінуў на зямлю і патрушчыў чобатамі. І так увераваў, што вёска вы рашыла паслаць кемлівага кацапа ў Варшаву вучыцца на прэсвітэра. Вучыўся тры месяцы, вярнуўся, прапаведаваў у малітвенным доме два гады, да ад’езду ў Амерыку на заробкі.

У 1939 годзе ў Горск прыйшлі Саветы. Адной з першапачатковых мерапрыемстваў новай улады стала наступленне на баптысцкую суполку.

Камасамол укараніў у малітвенны дом некалькі горскіх хлопцаў, заахвоціўшы матэрыяльна. Хлопы падчас малітвы ці гімнаспеваў хіхікалі, мацалі дзяўчатбаптыстак, аднойчы звялі іх на танцы.

Горская абшчына баптыстаў не распалася толькі таму, што доўгі час трымалася на жыхарах суседніх вёсак. Менавіта яны, а не гарчакі складалі рэгіянальны касцяк баптысцкай веры з цэнтрам у бязбожным Горску.

Там, бязбожным. Але цікава наступнае. Камсамольскія дыверсанты пражылі ў Горску ўсё сваё жыццё, ды так і не заслужылі да сябе вялікай павагі. На іх, нават на старых дзядоў, вёска глядзела як на блазнаў. Дзяўчатыадступніцы ва ўзросце бабуль праз пакуты пакаяння паступова вярнуліся ў малітвенны дом. Зараз усе жанчына Горска – сёстры Хрыстовы.

А мужчыны? Гэтыя або п’ць, або камуністы.

Некаторы час камуністаў у Горску было два: калгасны брыгадзір (за п’янства быў паніжаны да лесніка) і бібліятэкар (па той жа прычыне паніжаны да трактарыста). Абодва жлукцілі гарэлку, як усе горскія мужчыны, але партыя ўсклала на камуністаў ідэалагічную задачу – змагацца з баптыстамі.

Камуністы рэгулярна наведвалі малітвенны дом. Што і каму яны потым дакладалі, невядома. Зрэдку прыязджаў участковы – пасядзіць, паслухае, паедзе, адкуль прыехаў. П’яніц-камуністаў баптысты запрашалі памаліцца, а міліцыянера баяліся.

Весці вайну з баптызмам камуністам дапамагалі настаўнікі мясцовых школ. Прыходзілі ў малітвенны дом, садзіліся разам з веруючымі на лаву, назіралі за служэннем, нешта запісвалі ў сшыткі. Веруючыя цікавалі: што яны там пішуць? Адна цікаўная кабета падглядзела: запісваюць нашы пропаведзі.

Ага, тады запісвайце, як мы хвалім савецкую ўладу! У выступах прэсвітэра загучалі словы падзякі Хрушчову, Брэжневу, асабліва часта – Гарбачову. Такім чынам баптысты ратавалі сваю веру.

Як нармальныя людзі, баптысты перасталі паважаць даносчыкаў у асобе настаўнікаў. Вёска вельмі паважала настаўніка раней, да прыходу Саветаў.

Баба Ганна ў маладосці працавала ў Горскай пачатковай школе прыбіральшчыцай, часта ўспамінала, які набожны, шляхетны, разумны быў польскі настаўнік. Даравала нават тое, што вучыў яе дзяцей не на роднай мове, а на польскай, што біў лінейкай па далонях, калі рабілі памылкі ў вымаўленні (пра лінейку без крыўды, з усмешкай расказваў мой бацька, які ў Горскай польскай школе павучыўся тры гады, а потым пайшоў пастухом у людзі).

Мае настаўнікі мяне не білі: забараняла савецкая педагагічная дактрына.

Яе мэта была стварыць новага чалавека, убіць яму ў галаву недавер да народнага вопыту, у аснове якога два галоўныя кампаненты – Практыка і Вера. Настаўнікі дэманстратыўна застаўлялі нас, вучняЎ, месці школьны двор на Вялікдзень. Большай абразы народу прычыніць нельга. З таго часу вакол настаўнікаў існуе вакуум, а не культура.

“Маўчы! – рашуча перапыняла баба Ганна, калі я казаў, што Бога няма. – Не ведаеш, то памаўчы, не паўтарай за дурным мяшком”. Мяшком звалі ў вёсцы настаўніка малодшых класаў. “Бог спрыяе маўчунам, а не балбатунам”, – афарыстычна даводзіла бабка тое, што было яе жыццёвым вопытам.

Бабка казала прытчу. Гэта я разумею цяпер, маючы на ўвазе гераічны лёс глуханямога Васіля. Шлуханемата выратавала яго ад бальшавіцкай прапаганды. Яго перамога над камуністамі прыводзіць да высновы аб рэальным існаванні боскай дапамогі.

Ніхто не ведае, як размаўлялі ў горскім малітвенным доме ягоны гаспадар Нямы і Бог. Патаемнаму шчасцю Нямога сведкі няма. Ці не таму ў кожнага з нас жыве невытлумачальнае жаданне ... анямець хоць на імгненне, адасобіцца ад знешняга свету, каб пачуць сваю Душу, каб пазнаць сябе – і быць шчаслівым?

Нашы размовы з маўклівай бабкай Ганна калі-нікалі нагадвалі дыспуты.

Бабка вучыла мяне, што Бог – не маляваная ікона, як ваш Хрушчоў. Бог – у табе, калі ты добры, не курыш, не п’еш, паважаеш бацьку, маці. Тады ты бліжэй да Яго, Бога. Тады сябе запаважаеш.

Так бабка тлумачыла ўн учку сутнасць баптызму. З яе слоў бачна, што пратэстанцкая вера ўзвялічвае чалавечую асобу, што баптызм нясе ў сабе мноства правілаў народнага практыцызму і мноства рысаў блаславеннай эпохі Адраджэння, калі ён нарадзіўся.

Так беларуская сялянка хацела выратаваць свайго ўнука, адурманенага школай, і сваю дачку, маю маці, якая ў малітвенны дом не хадзіла. Ад чаго выратаваць – яна, можа, і не ведала дакладна, хоць душа яе пратэставала супраць усеабдымнага фарысейства бальшавіцкай улады. Яна ведала ўпэўнена: муж Ванька паабяцаў Богу не піць – і не піў, і ў Амерыцы, верыла, не п’е, калі яшчэ жывы. І побач бачыла зусім іншае: чым больш камуністы заклікаюць людзей не піць і не красці, тым больш самі крадуць і п’юць.

Унучак бабку любіў, а рабіў так, як вучылі ў школе. У семнаццацігадовым узросце паслаў у раённую газету “Маяк коммунизма” артыкул пра горскіх баптыстаў, які заканчваўся так: “Да очнитесь же вы, наконец! Идите в жизнь, кипучую, трудовую, радостную жизнь. Посмотрите, как хороша она, жизнь строителей коммунизма».

Гэта было ў 1963 годзе, да камунізму заставалася ўсяго дваццаць гадоў.

Мікіта Сргеевіч ведаў, якім чынам можна наблізіць прышэсце таго камунізму: зліць беларускую мову з рускай, вызваліць беларусаў з балот, забараніць у Горску збірацца баптыстам, затлуміць камуністычнымі казкамі галовы маладых пакаленняў.

Пагроза закрыцця заўжды вісела над горскім малітвенным домам.

Упэўнены, яго абавязкова закрылі б, калі б гаспадаром божага дома быў не глуханямы Васіль, няскораны селянін. Ён не дазволіў закрыць свой Дом, сваю Гаспадарку, сваё Жыццё. Затрымаў спусташальнае шэсце камунізму.

Сцяжына да малітвеннага дома не зарасла травою, як пазарасталі стараворы ўныя землі вакол Горска пасля так званай меліярацыі балот. Па гэтай сцяжынцы наканавана было прайсці і маёй маці.

Да Бога маці прывяла адзінота. Пасля смерці мужа баптысты падтрымалі яе, хворую, пакінутую мужнінай раднёй, пакрыўджаную светам. Маці прыняла хрышчэнне ў пяцьдзесят гадоў. Два гады таілася ад мяне, і я не ведаў, што маці – сястра Хрыстова. Потым я пытаў, чаму не сказала адразу.

Баялася, сынок, што ты не зразумееш мяне, ты ж партыйны, твая партыя цябе пакарае за такую маці.

Маці-баптыстка баялася сына-камуніста. Ужо толькі за гэта павінна адысці ў нябыт штучная антычалавечая сістема, гвалтам ство раная Леніным і яго паслядоўнікамі.

Даруй, мама, што трынаццаць гадоў свайго жыцця я быў членам том партыі, якой та баялася. Я таксама баяўся яе. Без партбілета ў кішэні я, служачы манапалізаванай прэсы, быў бы проста безгалосым. Рэдактар Андрэй Макаёнак, смелы чалавек, даручыў мне, беспартыйнаму, загадцать аддзелам часопіса “Нёман”. Ды не ж! Партыя паставіла ўмову: стань маім членам – тады будзеш загадчыкам.

Жахнешся, як успомніш! Сядзяць у зале сто пяцьдзесят членаў, пісьменнікаў, пакорліва слухаюць сто пяцьдзесят першага, які стаіць на трыбуне і кідае зверху загатоўкі чарговага партманіфеста: пра вайну трэба пісаць так, а не гэтак; народ беларускі не такі, а гэтакі; сучасная вёска такая, а не гэтакая; жанчыну трэба любіць гэтую, а не тую...

Апошнім сапраўдным сакратаром пісьменніцкай арганізацыі Беларусі быў Віктар Карамазаў (пачатак васьмідзесятых, трыумф брэжнеўскага маразму). Сапраўдным – таму што не саромеўся сваёй партсакратарскай пасады, дыктаваў пісьменнікам, як сачыняць і жыць, як славіць эпоху пад назвай “ад Ільіча да Ільіча”. У мяне ў вушах стаіць яго сакратарскі бас: Іван Чыгрынаў напісаў пра вайну шкоднае апавяданне; Ніл Гілевіч вядзе Саюз пісьменнікаў не ў той бок; Анатоль Казловіч у “Літаратурцы” ганьбіць беларускую літаратуру...

Пасля Карамазава партыйныя сакратары мяняліся надта часта, былі непрыкметнымі членамі, абавязкі выконвалі фармальна, толькі збіралі ўзносы, з павучаннямі да пісьменнікаў не лезлі. Чым больш гаварыў Гарбачоў, тым больш нямелі яго пасланцы на месцах. У час маскоўскага путчу яны не сказалі ў абарону боса ані слова – і партыя развалілася. Дакладней, ад партыі адваліліся ўсе штучна або гвалтоўна прыладкаваныя да яе члены.

З камуністычнай партыі я выйшаў 5 красавіка 1990 года. Незадоўга да таго, восенню 1989-га, не стала маці. Яна баялася партыі і адначасова прасіла мяне: не выходзь, а то з’ядуць.

Так атрымалася, што апошні раз я бачыў маці жывою каля Дома малітвы.

Баптысты тады ўжо купілі апусцелую хату гарчака, што з’ехаў у Мінск.

Кожнай восенню абшчына ладзіла свята ўраджаю. Маці запрасіла п рыехаць, паглядзець.

Напярэдадні свята, вечарам, мама сядзела дома, нанізвала на нітку рознакаляровыя лісцікі клёна. Назаўтра я ўбачыў іх у малітвенным доме пад столлю. У звычайна аскетычнай царкве баптыстаў было многа кветак. Я заўважыў некаторых горскіх мужчын. Цвярозых!

Мне трэба было ад’язджаць, а свята не канчалася. Маці выйшла з малітвеннага дома праводзіць мяне. На белай сцежцы я пацалаваў яе. Маці вярнулася ў царкву. Пайшла да Бога.

У апошні шлях яе праводзілі баптысты. У той дзень малітвенны дом перамясціўся ў нашу хату. Месца веруючым не хапіла, хоць вынеслі на вуліцу ўсю мэблю. Тады вынялі ў нашай хаце вокны, каб на вуліцы былі чутны малітвы і гімны. На двары каля хаты таксама было цесна – гэтулькі сабралася братоў і сясцёр Хрыстовых з навакольных вёсак. Каб пашырыць людзям прастору, я ў роспачы паваліў плот.

Хрысціянскі крыж у Горску стаіць на беразе Немкавага Луга. Тут маці развіталася с вёскай, а вёска развіталася з ёю.

Тут я заўсёды спыняюся, калі прыязджаю дамоў. Помню, мама расказвала, што ў дзяцінстве купалася тут, у лузе. Нямы і мудры Васіль пракапаў на лузе канаўку, правёў меліярацыю. У канаве мама і купалася з сяброўкамі.

Пасля суцэльнай меліярацыі наваколля луг высах. Трава на лузе перастала расці. Касіць няма чаго. Тут пасяліўся лес. Луг, трава і вада назаўсёды зніклі, як зніклі шматлікія ручаіны і азярыны, дзе я купаўся, прымаў хрышчэнне вераю ў сваю вечнасць, ў вечнасць роднай прыроды.

Каб прыняць Веру, маці давялося ехаць за трыццаць кіламетраў ад Горска, да ракі Мухавец, якая пакуль бруіцца. Бліжэй да нас Божай вады няма. І гэта здарылася на Палессі, у моры Герадота!

Без вады не будзе Веры. Дзе прыняць хрышчэнне тым мужчынам, якія асушылі балоты і якіх я бачыў у малітвенным доме?

горскім Без вады не будзе жыцця. Дзе ўзяць сілы абязводжаным палям, каб пракарміць гарчакоў? Без вады ані туды ані сюда. З якой крыніцы напіцца неперспектыўнаму Горску, каб не знікнуць?

27 ліпеня 2003 года на кардынальныя пытанні вёскі Горск адказалі баптысты. У Горску адбылося адкрыццё новага малітвеннага дома.

Белакаменная баптысцкая царква паўстала на вясковай вуліцы, як помнік няскоранаму духу, як надзея на жыццё.

На асвяшчэнні сабралася многа святочнага народу, веруючага і няверуючага, старога і маладога. Многіх я не ведаў, яны папрыязджалі з суседніх вёсак. Не было ніводнага начальніка: ні старшыні калгаса, ні старшыні сельсавета, ні раённага галавы. Начальнікі разумелі: адкрыццё ў Горску новага малітвеннага дома сведчыць аб перамозе баптыстаў над камуністамі.

У паміраючай вёсцы, дзе практычна не засталося працаздольных, дзе на ферму прывозяць даярак, пабудавалі царкву. Навошта? Каб ад царквы, як ад жывародзячай крыніцы, пачалося абноўленае жыццё. Каб ад царквы, як ад эпіцэнтра, пайшла хваля адраджэння Беларусі. Каб да царквы, як да касмічнага карабля, прыстыкаваліся і ферма, і хаты, і вуліца, і лес, і балота...

Вечнасці я пажадаў Радзіме, прамаўляючы ў горскай царкве ў дзень яе адкрыцця.

1995-2005

Автор: Анатолий Козлович

Источник: kamunikat.org